Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КАЛУБОВІЧ Аўген Тодаравіч
[псеўданімы і крыптанім: А.Верасень; Аўген Каханоўскі; А.Ясенскі; А.К.; 5.3.1912, мяст. Ціхінічы Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл. — 25.5.1987, Кліўленд, ЗША), пісьменнік, гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. У 1930 скончыў педтэхнікум у мяст. Бабчын Хойніцкага р-на. Арыштаваны 30.5.1930 за прыналежнасць да тайнай арганізацыі альтруістаў. Прыгавораны да 3 гадоў канцлагераў. Пакаранне адбываў у Вішарскіх лагерах, Дальлагу, Бамлагу. У Беларусь вярнуўся ў 1933. Настаўнічаў у Хойніцкім р-не; быў звольнены, адноўлены на рабоце з дапамогай А.Чарвякова. У 1934—35 выкладаў бел. мову і літаратуру ў Мінску. У 1939 скончыў МВПІ, працаваў кансультантам-метадыстам Наркамасветы БССР. З пачаткам вайны мабілізаваны ў армію; трапіў пад Масквой у акружэнне; вярнуўся ў Мінск. Супрацоўнічаў з нямецкімі ўладамі; уваходзіў у Беларускую раду даверу (1943), Беларускую цэнтральную раду (1944). Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса. З 1944 у Германіі. З 1945 у зах. зоне акупацыі Германіі; выкладаў у Беларускай гімназіі імя Я.Купалы. Пасля аднаўлення ў снеж. 1947 Рады БНР увайшоў у яе склад. Быў прэм’ер-міністрам Ураду БНР. З 1950 у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Йорку, потым у Кліўлендзе. Выдаваў «Бюлетэнь» Злучанага беларускага камітэта ў Кліўлендзе. У 1953 арганізаваў выданне бюлетэня «Абежнік Цэнтральнага Камітэту Аб’яднання беларускіх нацыянал-дэмакратаў». Напісаў успаміны пра паліт. рэпрэсіі 1930-х г. у Беларусі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас. 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).
Тв.: Крокі гісторыі: Даследаванні, артыкулы, успаміны. Беласток; Вільня; Менск, 1993; На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. Мн., 1994; Паэтычная стылістыка. Б.м. [Германія], 1947; Пясняр свабоды й красы: (У 30-я ўгодкі сьмерці М. Багдановіча). Б.м. [Германія], 1947; Мова ў гісторыі беларускага пісьменства. Т. 1. Мюнхен; Лондан, 1974—1975. Т. 2. Кліўленд, 1978; «Айцы БССР» і іхны лёс. Кліўлэнд, 1982, 2-е выд.: Кліўлэнд, 1985.
Літ.: Другі Усебеларускі кангрэс. Пад рэд. праф. Р.Астроўскага. 1954; Каханоўская І. Сын верны маці-Беларусі. // Беларускі свет. 1888, № 20; Калубович Н. Когда мы были молодыми… // Нёман. 1994, № 1. Ёрш С. Закон генаў. Калубовічы// Наша Ніва. 2003, 21 сак.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.