Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ІВАНОЎ Міхаіл Аляксеевіч
[12.11.1904, Санкт-Пецярбург — 1955, Сібір], кампазітар. У 1931 скончыў Мінскі музычны тэхнікум. У 1931—38 загадчык музычнай часткі Беларускага тэатра рабочай моладзі, адказны сакратар аргкамітэта Саюза кампазітараў БССР. Працаваў пераважна ў жанры песні, раманса (пісаў на вершы Я.Купалы і М.Багдановіча). Аўтар аперэты «Зарэчны барок» на лібрэта А.Жаўрука і А.Ушакова (з С.Палонскім, пастаўлена ў 1940 Тэатрам музычнай камедыі БССР), дзіцячай оперы «Мухамор» на лібрэта В.Таўлая паводле аднайменнай казкі М.Танка (1943), музыкі да спектакляў «Новы горад» І.Гурскага (1932) у Беларускім тэатры рабочай моладзі і «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934) у Тэатры юнага гледача БССР. Падчас нямецкай акупацыі заставаўся ў Мінску, у 1941—42 артыст аркестра Мінскага гарадскога тэатра. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1944. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1988.
Літ.: БЭ, т. 7.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.