Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ЗАЙЦАЎ Вячаслаў Кандратавіч 

ЗАЙЦАЎ Вячаслаў Кандратавіч

[18.9.1917, в. Ахлябiнiна Уфiмскага р-на, Башкортастан — 19.4.1992, Уладзiмiр, Расія] — лiтаратуразнавец, перакладчык, касмолаг. Скончыў Уфiмскi механiчны тэхнiкум (1935), Ленiнградскi ун-т (1951). Уступіў у КПСС. З 1951 выкладчык, дацэнт кафедры славянскай філалогіі Ленiнградскага ун-та. Кандыдат фiлалагiчных навук (1954). З 1964 жыў у Мінску, працаваў навуковым супрацоўнiкам Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы АН БССР. Аўтар прац па праблемах харвацкай i сербскай лiтаратуры. Вывучаў бел. культуру эпохi Адраджэння. Даследаваў касмiчныя рэмiнiсцэнцыi ў помнiках старажытных лiтаратур, займаўся тэмай «Космас i Бiблiя». У маскоўскай газ. «Известия» быў абвешчаны «саюзнікам заходніх багасловаў». Значны рэзананс сярод акадэмiчнага грамадства меў яго ўдзел у фiльме заходненямецкага рэжысёра Э. фон Дэнiкена «Успамiны пра будучыню». Абарона доктарскай дысертацыi навукоўца не адбылася. У 1974, падчас кампанii пераследу ў АН БССР апазіцыйна настроеных супрацоўнiкаў, публічна выйшаў з КПСС. За два гады да пенсii быў звольнены з iнстытута. Распачаў лектарскую дзейнасць у гарадах СССР. За публiчныя эсхаталагiчныя выступы арыштаваны КДБ 23.11.1978. У сак. 1979 Iнстытут судовай псіхiятрыi (Масква) вынес дыягназ — шызафрэнiя. Вярхоўны суд БССР 15.6.1979 накiраваў яго на прымусовае лячэнне ў Казанскi спецыяльны псіхiятрычны шпiталь. Пасля неаднаразовых зваротаў казанскiх псіхiятраў Вярхоўны суд БССР 18.1.1982 спынiў прымусовае лячэнне i З. быў вызвалены. Крымiнальная справа ў адносiнах да яго была спынена 14.9.1992.

Тв.: Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». Мн., 1969; Боги приходят из космоса // Байкал. 1967, № 5—6; 1968, № 1; Франциск Скорина и гуманистическая мысль в Белоруссии XV— XVI вв.: Автореф. дисс. д-ра филог.н. Мн., 1970.

Лiт.: Букчин Семен. И увидел я отверстое небо… Судьба ученого Вячеслава Зайцева // Букчин С. Хроника суверенного болота. Мн., 1996; БП, т. 6; Скалабан В. Зайцаў Вячаслаў // Дэмакратычная апазыцыя; БЭ, т 6.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".