Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ЖЫЛКА Уладзімір Адамавіч 

ЖЫЛКА Уладзімір Адамавіч

[псеўданімы і крыптанімы: Вал.Жыл.; Вл.Ж.; І.Жылка; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У.Ж.; Ул.Ж.; 27.5.1900, в. Макашы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. — 1.3.1933, Уржум Кіраўскай вобл.], паэт, перакладчык, крытык. Падчас 1-й сусветнай вайны сям’я Ж. была ў бежанстве ў Тульскай губ. З 1917 жыў у Мінску; друкаваўся ў мінскіх выданнях. Восенню 1920 захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага пав. Пасля Рыжскай дамовы застаўся ў Зах. Беларусі. З 1921 друкаваўся у заходнебел. прэсе («Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё»). У 1923 выдаў першы зборнік паэзіі. Працаваў у Вільні ў бел. кнігарні. Ратуючыся ад пераследу рэжыму генерала Л.Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзвінск (Даўгаўпілс). Потым па стыпендыі чэхаславацкага ўрада вучыўся ў Карлавым ун-це (Прага, 1923—26). Рэдагаваў час. «Новы прамень» (Прага). У 1926 прыехаў у Мінск для ўдзелу ў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе бел. правапісу. Застаўся ў БССР. Працаваў у газ. «Звязда» і музычным тэхнікуме. Быў членам літаб’яднання «Маладняк», потым «Узвышша». Паэзія Ж. вылучалася высокай культурай верша. Перакладаў для Белдзяржкіно. Арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме. Выкладаў літаратуру ў медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Рэабілітаваны ў 1960.

Тв.: Вершы. Мн., 1970; Пожні. Мн., 1986; Творы. Мн., 1996; Творы. Мн., 1998.

Літ.: Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. Мн., 1977; Яго ж. Усё чалавечае. Мн., 1993; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".