Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ДАШКЕВІЧ Леў Урбанавіч 

ДАШКЕВІЧ Леў Урбанавіч

[31.1(12.2).1882, Мінск —9(?).12.1957, Мінск], фотамастак, вучоны, вынаходнік, публіцыст, педагог. Паходзіў з шляхецкага роду герба «Ляліва». У 1882—96 вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі і Віленскім інтэрнаце-канквіце. З 1903 вучыўся ў Варшаўскім ун-це (на медыцынскім ф-це). У 1904 за ўдзел у студэнцкай забастоўцы арыштаваны і выключаны з ун-та без права паступлення ў ВНУ Расійскай імперыі. У 1906—11 вучыўся ў Францыі — на ф-це філалогіі ун-та ў Дыжоне. Паралельна ў 1908—09 займаўся на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. З 1911 пачаў друкавацца ў навуковых выданнях (La Nature. Paris). У 1911—20 жыў у Закаўказзі, працаваў выкладчыкам французскай мовы, фізікі, прыродазнаўства і інш. у гімназіях Эрывані (Ерэван), Елізаветполя (цяпер Гянджа, Азербайджан), Тыфліса (Тбілісі). Ездзіў па рэгіёне ў якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцяў і плямён Каўказа. У 1918 служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі. У канцы мая 1920 вярнуўся ў Мінск. З кастр. 1920 чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў Мінскім інстытуце народнай адукацыі, са снеж. 1920 выкладаў французскую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1921 працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР (прыродазнаўчая секцыя). У маі — чэрв. 1923 удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ў Ігуменскім (цяпер Чэрвеньскі) і Барысаўскім пав. У 1923—24 навуковы фатограф на медыцынскім ф-це БДУ. Фатаграфічныя працы Д. друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы» (2-е выд. Мн., 1924), Грамыка М. «Пачатковая географія» (Мн., 1926), «Чатырохстолецьце беларускага друку» (Мн., 1926), Багдановіч М. «Творы». Т. 1 (Мн., 1927—28), «Сучаснае беларускае мастацтва» (Мн., 1929), «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» (Мн., 1931), «IV Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Мн., 1931), час. «Чырвоная Беларусь» (1930, № 1, 2, 9). Удзельнічаў у Першай Усебеларускай выстаўцы краязнаўчых фатаграфій і замалёвак (Мінск, крас.—май 1928), у выстаўцы ў Дрэздэне (Германія, 1930 ?). Арыштаваны ДПУ БССР 21.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вызвалены ў вер. 1930. Затым працаваў у Мінскім Доме тэхнікі, на геаграфічным ф-це БДУ, 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР. У 1941—44 жыў у эвакуацыі ў Фрунзе (цяпер Бішкек, Кыргызстан), працаваў у медыцынскіх установах. У верасні 1944 вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Інстытуце тэарэтычнай медыцыны і Інстытуце фізіялогіі. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У вер.—снеж. 2002 у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстава твораў Д. «Зачараваны Беларуссю».

Тв.: Сенсибилизация бромистых эмульсий к И-красным лучам // Физик-любитель. Николаев, 1916; Пасьля выстаўкі (Нататкі і ўражаньні) // Маладняк. 1929, № 2; Вада і жыцьцё. Мн., 1930; Ультрафиолетовые лучи, как метод научного исследования // Медицинский журнал БССР. 1938, № 4—5; Особенности люминесценции мочи при раковых заболеваниях // Там жа. 1938, № 7—8; Люминесцентная реакция организма // Бюллетень экспериментальной биологии и медицины. Т. XXII, вып. 3. М., 1946; Химическая радиация в кинетике химических реакций // Известия АН БССР. 1951, № 5.

Літ.: Дашкевич Л.У. (1882—1957): Каталог фотографий. Мн., 2002.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".