Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч
[Do³ęga Chodakowski Zorian; сапр.: Чарноцкі Адам / Czarnocki Adam; 24.12, па іншых крыніцах 7(15).4.1784, маёнтак каля в. Гайна Мінскага пав. Мінскага ваяв., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 17(29).11.1825, сяло Пятроўскае Цвярской губ., цяпер Цвярской вобл.], славяназнавец, археолаг, фалькларыст, этнограф, дыялектолаг. У 1801 скончыў Слуцкае павятовае вучылішча. У 1801—04 праходзіў юрыдычную практыку ў Навагрудку. У 1805 здаў экзамены па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіравання маёмасцю. Працаваў аканомам у маёнтках, прыватным адвакатам у Мінску. Арыштаваны царскімі ўладамі 24.3.1809 за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Пасля 7 месяцаў зняволення ў Петрапаўлаўскай крэпасці быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны салдатам у Омск. У 1811 у Бабруйску імітаваў утапленне; уцёк у Варшаву, уступіў у французскую армію. Менавіта пасля паражэння Напалеона мусіў хавацца і ўзяў псеўданім Д.-Х. У 1813—18 падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; даследаваў гарадзішчы; запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. 14.12.1818 упершыню ў Беларусі і Літве атрымаў ад Віленскага ун-та адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 выдаў сваю галоўную працу «Пра славяншчыну да хрысціянства», якая прынесла яму шырокую вядомасць. У 1819 стаў членам-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, членам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці; у 1820 — Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх. Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. У 1820—21, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асветы Расіі, арганізаваў даследчыя паездкі па Поўначы Расіі. Апошнія гады жыцця правёў у Цвярской губ., дзе ўладкаваўся аканомам маёнтка. Большасць яго прац засталіся неапублікаванымі, частка загінула. Запісы бел. фальклору (да 500 песень) знаходзяцца ў архіве, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.
Тв.: Отрывок из путешествия по России // ЖМНП.1838. № 12. с. 479—527; O S³owiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967; Śpiewy s³owiańskie pod strzech¹ wiejsk¹ zebrane. Warszawa, 1973; Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.: Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991; Maœlanka J. Zorian Do³ęga Chodakowski. Jego miejsce w kulturze polskiej. Wroc³aw, etc., 1965; SHP; PSB; ЭГБ, т. 3; АЗБ.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.