Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ВЫСОЦКІ Пётр Яцак 

ВЫСОЦКІ Пётр Яцак

[10.9.1797, мяст. Варта, цяпер Лодзінскае ваяв., Польшча — 6.1.1875, Варта], адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31, мемуарыст. Паходзіў са старажытнага бел. шляхецкага роду герба «Адравонж». Скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у 1827 атрымаў чын падпаручніка і стаў інструктарам школы. У снеж. 1828 заснаваў тайнае таварыства «Ваенны саюз», якое ставіла мэтай падрыхтоўку ваеннага перавароту. З пачаткам паўстання ў Варшаве ў ліст. 1830 пасля некаторых ваганняў далучыўся да яго (лічыў паўстанне заўчасным). Быў ад’ютантам галоўнакамандуючага войскамі паўстанцаў М.Радзівіла. Удзельнічаў у рэйдзе на Валынь і Галіцыю, адкуль вярнуўся ў чыне палкоўніка. Браў удзел у перамовах Нацыянальнага ўрада ў Варшаве з галоўнакамандуючым расійскімі войскамі І.Паскевічам. У вер. 1831 пры абароне Варшавы паранены, трапіў у палон. Судом у Бабруйскай крэпасці прыгавораны да чацвертавання, у 1833 судом у Варшаве — да павешання. Смяротнае пакаранне заменена катаргай у Сібір тэрмінам на 20 гадоў. Адбываў пакаранне на Аляксандраўскай вінакурні. У 1835 спрабаваў уцячы, за што падвергнуты экзекуцыі (1 тыс. шпіцрутэнаў). Адпраўлены ў капальні ў Акатуй, дзе працаваў прыкаваны за нагу да тачкі. Пасля вызвалення ад катаргі застаўся на пасяленні ў Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на Радзіму. Напісаў успаміны пра паўстанне, выдадзеныя ў Парыжы.

Тв.: Pamiêtnik Piotra Wysockiego o powstaniu 29 listopada 1830 roku. T. 1—2. Paryż, [1863].

Літ.: Јepkowski T. Piotr Wysocki. Warszawa, 1972; Дьяков В.А., Кацнельсон Д.Б., Шостакович Б.С. Петр Высоцкий на сибирской каторге (1835—1856) // Ссыльные революционеры в Сибири (ХІХ в. — февр. 1917 г.). Вып. 4. Иркутск, 1979; ЭГБ, т. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".