Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ВІТАЛІН Змітро 

ВІТАЛІН Змітро

[сапр.: Сергіевіч Зміцер Рыгоравіч; іншыя псеўданімы: Байструк; Клоп; П.Прыпецкі; нар. 8.8.1912, в. Сухое Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.], паэт, празаік, журналіст. З 1915 знаходзіўся з бацькамі ў эвакуацыі ў Бранску. Летам 1919 вярнуліся ў Беларусь у Калінкавічы. У 1928 скончыў Калінкавіцкую васьмігодку. З 1929 у Мінску. Набыў спецыяльнасць электраманцёра і працаваў у Радыёцэнтры БССР радыёманцёрам, потым карэспандэнтам. Друкуецца з 1930. Член БелАПП з 1930. Сакратар час. «Шляхі калектывізацыі». З вясны 1932 адказны сакратар крычаўскай раённай газеты. У вер. 1932 паступіў вучыцца на творчае аддзяленне МВПІ. Арыштаваны ДПУ БССР 23.2.1933 па справе «Беларускай народнай Грамады». Асуджаны на ссылку 10.8.1933. Знаходзіўся ў «Сіблагу» каля Томска. Вярнуўся ў Калінкавічы ў канцы 1935. Адбыўшы ваенную службу, працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры. Быў карэспандэнтам газ. «Бальшавік Палесся». У вайну на фронце. З канца 1943 карэспандэнт дывізіённай газеты «Вперёд за Родину!». З чэрв. 1945 у рэдакцыі газ. «За честь Родины», якая дыслакавалася ў Вене. У 1950 пераведзены ў адэскую акруговую газ. «Защитник Родины». У 1956 накіраваны ў Будапешт, дзе працаваў у рэдакцыі газеты групы войск «Ленинское знамя». Дэмабілізаваны ў 1961 у чыне маёра. Вярнуўся ў Адэсу. З 1961 на творчай рабоце. Працуючы ў армейскім друку і жывучы ў Адэсе, пісаў на рускай мове. Пад уласным прозвішчам выдаў кнігі на ваенную тэматыку «На голубом Дунае» (Адэса, 1955), «Первый бой» (Адэса, 1957), «Мы служим Родине» (Масква, 1962), «Приветствие из юности» (Адэса, 1964), «Начало легенды» (Масква, 1966), «Тревожная осень» (Адэса, 1966), «Десять дней отдыха» (Масква, 1967), «Высокий остров» (Адэса, 1969), «Маршевая рота» (Адэса, 1971), «Товарищи огненных лет» (Масква, 1972), «Гроза на рассвете» (Адэса, 1973), «Сосны среди поля» (Адэса, 1975), «Хорошие приметы» (Адэса, 1978), «Нет последних рубежей» (Адэса, 1982), «Личная война» (Кіеў, 1983). Жыве ў Адэсе.

Тв.: Будзем жыць: Вершы. Мн., 1932.

Літ.: Пруднікаў П. Абарваная струна // Чырвоная змена. 1985, 17 кастр.; БП, т. 2, 6.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".