Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » БОРЗАБАГАТЫ Уладзіслаў Канстанцінавіч
[крыптанім: K.B.; 23.4(5.5).1831, маёнтак Рутка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., цяпер в. Рутка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.3.1886, мяст. Любяшова Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Валынская вобл., Украіна], рэвалюцыянер-дэмакрат, мемуарыст. Вучыўся ў Слуцкай, потым у Мінскай гімназіях. За ўдзел у тайнай арганізацыі «Братні саюз літоўскай моладзі» ў 1849 выключаны з Мінскай гімназіі без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пасля амністыі 1855 паступіў на медыцынскі ф-т Маскоўскага ун-та. У час вучобы далучыўся да канспіратыўнай суполкі «Агул». Пасля атрымання дыплома працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Пасля задушэння паўстання быў на нелегальным становішчы. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эміграваў у Італію, з 1869 жыў у Парыжы, меў медыцынскую практыку. Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. У часы Парыжскай камуны галоўны медык Парыжскага шпіталя. Быў арыштаваны, сасланы на галеры; потым вызвалены, але мусіў пакінуць Францыю. У 1872 жыў у Кракаве. У 1874 вярнуўся на Радзіму, быў арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., потым у Кастрамскую губ. Там працаваў земскім урачом. У 1884 атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. Пасяліўся ў мяст. Любяшова, дзе працаваў урачом. Яго імем у Навагрудку названа вуліца (1982), у Рутцы пастаўлены памятны знак (1991).
Тв.: K.B. Życiorys powstańca z 1863 r. Wilno, 1938.
Літ.: Ігнатовіч Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты. Мн., 1993; Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг. М., 1965; Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.