Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АСТРЭЙКА Сяргей Адамавіч
[25.7.1913 (па іншых звестках 9.7.1912), в. Каласоўшчына Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 14.9.1937, Чэлябінская вобл., НКВД], паэт, перакладчык. Падчас вучобы ў Капыльскай сямігодцы пачаў пісаць вершы. У 1928 паступіў у МБПТ, які скончыў у 1930. У 1928 па рэкамендацыі Ц.Гартнага вершы А. з’явіліся ў газ. «Чырвоная змена». Працаваў літрэдактарам выданняў Беларускага НДІ прамысловасці. З 1932 навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва БАН, працаваў у Камісіі па складанні слоўнікаў. Яго паэму «Бенгалія» ўхваліў Я.Купала. А. рыхтаваў да выдання паэтычны зборнік «Смарагды кроз», які не выйшаў. 23.2.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Працаваў бухгалтарам. У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А.Пушкіна (рукапіс не збярогся). Тэрмін ссылкі яшчэ не скончыўся, калі ў вер. 1937 паэта зноў арыштавалі. 13.9.1937 быў вынесены смяротны прысуд, на наступны дзень А. расстралялі. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.: [Вершы] // Полымя. 1965, № 8; [Вершы] // Дзень паэзіі. Мн., 1965; Смарагды кроз: (Паэма) // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Літ.: Салаўёва А. Недапетая песня // Дзень паэзіі. Мн., 1965; БП, т. 1.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.