Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АСКЕРКА Міхал
[1836, Мінск — 2.5.1864, Магілёў], лекар, дзеяч лагера «чырвоных» у паўстанні 1863. Паходзіў з апалячанай бел. шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. У 1860 скончыў медыцынскі ф-т Маскоўскага ун-та і выехаў за мяжу. З 1862 працаваў хатнім лекарам у Сенненскім і Ашмянскім пав. Даведаўшыся пра пачатак паўстання, паехаў у Вільню, дзе яму ад імя «чырвоных» даверылі стаць камісарам Магілёўскай губ. Затым паехаў у Пецярбург, каб знайсці там патрыятычна настроеных афіцэраў. Паўстанне на Магілёўшчыне пачалося 5.5.1963, але хутка пацярпела паражэнне. Пасля гэтага А. перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы. У жн. пераняў ад Б.Свентажэцкага функцыі паўнамоцнага камісара Мінскай губ. Арганізаваў выезд за мяжу некалькіх паўстанцаў. 21 кастр. выехаў у Пецярбург з падробленым пашпартам, на станцыі Астроўская быў арыштаваны. У час следства ў Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні. Але яго паплечнікі, якім сказалі, што ён памёр, раскрылі ролю А. ў паўстанні. 22.4.1864 Мураўёў падпісаў смяротны прыгавор. Родныя і сябры стараліся дабіцца змякчэння прысуду. Мураўёў крывадушна пагадзіўся. Але паведамленне пра адмену смяротнага пакарання было накіравана ў Магілёў вечарам пасля экзекуцыі, якая адбылася 28 крас. Дадзеная калізія апісана У.Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца на зямлю»).
Літ.: PSB.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.