Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » АНАЦЭВІЧ Ігнат 

АНАЦЭВІЧ Ігнат

[Жэгота Анацэвіч; псеўданім: Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780 ці 1781, в. Малая Бераставіца Гродзенскага пав., цяпер Бераставіцкі р-н Гродзенскай вобл. — 18.2.1845, Пецярбург], гісторык, археограф, архівіст. Паходзіў з сям’і уніяцкага святара, вучыўся ў Ваўкавыскай і Гродзенскай школах, Беластоцкай гімназіі. Па універсітэцкую адукацыю накіраваўся ў Прусію, дзе скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1805); нейкі час выкладаў там рускую і польскую мовы. Жадаючы вывучаць гісторыю ВКЛ, у 1809 накіраваўся ў Вільню, дзе ў 1811 скончыў ун-т і застаўся ў ім выкладчыкам усеагульнай гісторыі. Важным для А. стала знаёмства з вядомым мецэнатам і калекцыянерам графам М.Румянцавым. Пазней А. каля года жыў і працаваў у яго гомельскім маёнтку, дзе зрабіў шмат выпісак, даследуючы зборы графа. У 1818 абраны ад’юнктам Віленскага ун-та, а ў 1827 стаў прафесарам. У 1828 расійскія ўлады абвінавацілі яго ў сувязях са студэнцкай арганізацыяй «Плямёны сарматаў», адхілілі ад выкладчыцкай дзейнасці і выслалі на Радзіму. Ад суда яго выратавала заступніцтва Румянцава. З 1834 А. у Пецярбургу, прысвяціў сябе навуковай дзейнасці, супрацоўнічаў з Археаграфічнай камісіяй. Шмат падарожнічаў і вывучаў архіўныя калекцыі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, прыватныя зборы ў Гродзенскай губ. Вынікі сваіх вандровак публікаваў у час. «Северный архив», «Северная пчела», «Вестник Европы»; збіраў і апрацоўваў матэрыялы да зборніка дакументаў «Акты Западной России». Яму дазволілі супрацоўнічаць з Археаграфічнай камісіяй крыху больш, чым два гады — у 1839 у Расіі была праведзена чыстка дзяржаўнага апарата ад асоб каталіцкага веравызнання. Галоўная праца А. «Гісторыя Літвы» засталася неапублікаванай.

Літ.: Iwaszkiewicz J. Ignacy Żegota Onacewicz — historyk Litwy // Studia i materia³y z dziejów nauki polskiej. Ser. A, z. 4. Warszawa, 1961; МАБ; АЗБ; ЭГБ, т. 1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".