Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » АДЫНЕЦ Антон Эдвард 

АДЫНЕЦ Антон Эдвард

[псеўданім: Inocenty Staruszkiewicz; 25.1.1804, Гейстуны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) — 15.1.1885, Варшава], паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Пісаў на польскай мове. Скончыў Барунскую базыльянскую школу ў 1820 і Віленскі ун-т у 1823 (магістр права). Ва ун-це стаў сябрам таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў» (пазней Ф.Багушэвіч зрабіў пераробку гэтага твора пад назваю «Песня»). Сябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам, І.Лялевелем. Пабачыўшы паэтычныя здольнасці А., Чачот узяў яго пад сваю апеку, за гэта сябры празвалі Чачота Ментарам, а А. — Тэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі, Ментар быў выхавальнікам Тэлемака). Па справе таварыства быў зняволены ў ліст. 1823 — лют. 1824. У 1829—37 вандраваў па Зах. Еўропе, часам спадарожнічаў А.Міцкевічу. У 1837 вярнуўся ў Гейстуны, а з 1838 жыў у Вільні. Быў рэдактарам альманаха «Melitele» (1829) i газеты на расійскай і польскай мовах «Виленский вестник» (1841—59). Паступова погляды А. сталі больш кансерватыўнымі. У прыватнасці, у 1858 ён удзельнічаў у выданні «Віленскага альбома» у гонар Аляксандра ІІ. З 1866 жыў у Варшаве. Ёсць звесткі, што ў 1884, калі разам з Дамейкам А. наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з П.Багрымам. У сваёй творчасці часта выкарыстоўваў сюжэты з гісторыі Беларусі, перакладаў сусветную класіку.

Тв.: У кн: Філаматы і філарэты. Мн., 1998. С. 352—360.

Літ.: Miko³aitis J. Odyniec wśród przyjació³. Częstochowa, 1938; Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э. Адынца // Роднае слова. 1994, № 3; МАБ; ЭГБ, т. 1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".