Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » АДВАЖНЫ Вінцук
[сапр.: Германовіч Язэп; псеўданімы: Лявон Ветрагон, Хлопчык з-пад Горадні; крыптанімы: А.В., В.Адв., A.W., W.A.; 4.3.1890, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.12.1978, Лондан], каталіцкі святар усх. абраду, паэт, публіцыст. Пераследаваўся польскімі і савецкімі ўладамі. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай і Ашмянскай гарадской школах; у 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29.6.1913 пасвечаны ў святары; працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата. У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну з бел. школ, у касцёле гаварыў казанні на бел. мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі, і А. вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 уступіў у ордэн марыянаў. Служыў там пробашчам, адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў мясцовай гімназіі. Празаічныя і паэтычныя творы А. рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). З 1932 на місіянерскай працы ў Харбіне, дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу. Зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры. Пасля смерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, а ў 1959 у Італію, затым у Вялікабрытанію. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай — Сібір — Масква». Жывыя, яскрава паданыя сведчанні чалавека, які прайшоў праз ГУЛАГ, выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на бел., італьянскай, польскай, літоўскай мовах. У эміграцыі рэдагаваў час. «Божым шляхам» (Лондан).
Тв.: А.В. Унія на Палессі: Вершаваная дыскусія уніята, праваслаўнага манаха і р.-к. ксяндза. Альбертын, 1932; W.A. Bie³aruskija Cymba³y (Zbornik wieršau). Wilnia, 1933; Ch³apiec: Powieść. Wilnia, 1935; Na Daloki Uschod. Wilnia, 1937 (пад сваім прозвішчам); Вінцук Адважны. Кітай — Сібір — Масква. Мюнхен, 1962; Вінцук Адважны. Байкі і іншыя вершы. Лондан, 1973.
Літ.: Ласкоў І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990; Сачанка Б. Сняцца сны... С. 12—14; Станкевіч А. Аб жыцці і творчасці В.А. (Вінцука Адважнага) // W.A. Bie³aruskija Cymba³y. Wilnia, 1933; Юрэвіч Л. Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Йорк). 1997. Жнівень; Гарбінскі БРД С. 51—52, 289—296; БП, т. 1.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.