Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі  » Том IV. Кнiга II  » ПІЛЕЦКІ Пётр Іванавіч 

ПІЛЕЦКІ Пётр Іванавіч

[21.1.1891, мяст. Клецк Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. – 21.3.1953, Мінск]. Вучыўся ў царкоўна-прыходскім вучылішчы ў Клецку, Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Санкт-Пецярбургскім ун-це, але 1-я сусветная вайна абарвала вучобу. П. мабілізавалі ў войска, адкуль ён трапляе ў Чучуеўскае пяхотнае вучылішча, а затым на Румынскі фронт. У Сімферопалі пераходзіў то да белых, то да чырвоных. Пасля шматлікіх прыгодаў вярнуўся ў Клецк, працаваў на гаспадарцы. Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Паступіў у Вільні на курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў для польскіх школаў. Пазнаёміўся з навучэнкай Беларускай гімназіі Глафірай Берняк, якая неўзабаве стала яго жонкай. Маладыя атрымалі накіраванне ў школу ў в. Агароднікі, цяпер Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. П. прызначаны дырэктарам мясцовай сямігодкі, жонка настаўніцай малодшых класаў. У іх доме частымі гасцямі былі дзеячы бел. нацыянальнага руху: Р.Шырма, В.Труцько і інш. Неяк у доме П. спыніліся два чалавека, якія збіраліся перайсці мяжу на Усход. Паліцыя іх высачыла і затрымала, а праз дзень арыштавала жонку П. Дзякуючы заступніцтву мясцовых чыноўнікаў і ўлічваючы, што ў Глафіры былі дзве малыя дачкі, яе вызвалілі. Праз год П. з сям’ёй выслалі на захад Польшчы, у Познаньскае ваяв. П. працаваў настаўнікам малодшых класаў, жонка была пазбаўлена права на працу ў школе. Летам 1939 Пілецкія прыехалі на вакацыі ў родныя мясціны. Пасля прыходу Чырвонай Арміі П. выкладаў матыматыку і бел. мову, яго жонка гісторыю. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаліся на акупаванай тэрыторыі. Жонку П. арыштавалі немцы, але дзякуючы заступніцтву дачкі святара Лукашэвіча Таццяны, якая працавала перакладчыцай, яе вызвалілі. Пасля прыходу Чырвонай Арміі прызначаны дырэктарам бел. СШ ў Клецку. Пасля пратэсту П. з-за пераводу школы на рускую мову навучэння, зняты з пасады. Працаваў інспектарам райана. У дзень смерці Сталіна сказаў: “Памёр тыран !” Улада дараваць яму гэта не магла. П. апынуўся ў псіхіятрычнай бальніцы ў Мінску, дзе неўзабаве і памёр.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".