Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. Рэпрэсаваныя Настаўнікі  » Том IV. Кнiга I  » ДОЎБІК Аляксандр Сафронавіч 

ДОЎБІК Аляксандр Сафронавіч

[21.3.1921, хут. Сенніца Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер тэрыторыя (хутар не існуе) Слуцкага р-на Мінскай вобл.]. З бел. сялянскай сям’і. У 1937 з сястрой Анютай выехаў да маці ў ссылку ў Караганду. Паступіў на вучобу ў Горны тэхнікум, праз 2 гады перавёўся ў Настаўніцкі інстытут. 16.9.1940 мабілізаваны ў Чырвоную армію, курсант вучэбнага атрада падводнага плавання ў Леніградзе. Пасля заканчэння (1942) служыў на караблях Чарнаморскага флоту. Удзельнічаў у баях на моры і на сушы. Паранены, кантужаны. Звольнены з арміі, як інвалід. Выехаў да маці ў Казахстан. Працаваў у калгасе. У чэрв. 1943 зноў мабілізаваны. Служыў на Чорным і Балтыйскім марах. Пасля дэмабілізацыі з ВМФ у снеж. 1945 вярнуўся на радзіму. Працаваў настаўнікам у тагачасным Мірскім р-не. З 1954 завуч пачатковай школы ў в. Радунь Карэ-
ліцкага р-на Гродзенскай вобл. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. Арыштаваны 15.10.1958. Асуджаны Гродзенскім абл. судом 22.11.1958 за “антысавецкую агітацыю і прапаганду” да 10 гадоў ППЛ. Па сутнасці Д. быў пакараны за напісанне лістоў прэзідэнту ЗША, прэм’ер-міністрам Англіі і Індыі, у якіх ён прасіў звярнуць увагу, што СССР з’яўляецца членам ААН, а “дэкларацыю арганізацыі па правах чалавека не выконвае”. Этапаваны ў Дубровенскі лагер Мардоўскай АССР. Вызвалены 15.10.1963 датэрмінова. Працаваў настаўнікам НСШ ў Навагрудскім р-не. Неаднаразова падвяргаўся ціску з боку спецслужбаў. У 1972 вымушаны звольніцца. Працаваў у калгасе, на сваёй гаспадарцы. Са студз. 2003 пасля цяжкай хваробы і траўмы жыве ў Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Аўтар мемуараў. Рэабілітаваны Вярхоўным Судом Беларусі 20.12.1991. Асабовая справа Д. № п-13359 захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобл.

Бацька Д. Сафрон Яўтропавіч у 1920-я г., пасля пераходу польска-савецкай мяжы, арыштаваны польскімі памежнікамі. Праз некалькі дзён вызвалены. Працаваў на лесанарыхтоўцы, на гаспадарцы землеўласнікаў, адкрыў бакалейны магазін. Двойчы арыштоўваўся за “знявагу паліцэйскага і старасты”. Пісаў прашэне аб выездзе ў Германію, але дазволу не атрымаў. Арыштаваны супрацоўнікамі НКВД 18.11.1939 у Клецку па адрасе: вул. Завальная, д. 54. Абвінавачваўся ў “шпіянажы на карысць Польшчы”. Асуджаны 3.9.1940 да ВМП і расстраляны. Рэабілітаваны 2.6.1992. Яго асабовая справа № 34554-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дзед Д. Яўтроп Іванавіч (н. ў 1866) арыштаваны 1.4.1933. Асуджаны калегіяй АДПУ 10.5.1933 за “сувязь з польскай разведкай” да 3 гадоў ППЛ. Зноў арыштаваны 3.11.1937 і 17.12.1937 прыгавораны да ВМП. Расстраляны 21.1.1938 у Слуцку. Па першай справе (№ 26057-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 6.5.1989, па другой (№24348-с; захоўваецца тамсама) 28.4.1989.

Маці Зося Усцінаўна ў 1930-я г. выслана ў Казахстан. Вярнулася на радзіму ў 1946 пры дапамозе сына. Жыла ў дзяцей у Слуцкім р-не, Мінску, Барысаве. Памерла ў 1966.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".