Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » УСПЕНСКІ Яўген Канстанцінавіч
[18.10.1891, Вільня — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], фізік, грамадскі дзеяч, педагог. З сям’і службоўца. Скончыў Віленскую гімназію (1910), фізіка-матэматычны ф-т Маскоўскага ун-та (1915). З бел. нацыянальна-вызваленчым рухам пазнаёміўся ў студэнцкія гады (з 1911) у Віленскім зямляцтве пры Маскоўскім ун-це. Пасля заканчэння ун-та працаваў у Бабруйску і Глуску: у гімназіях, школах, палітэхнікуме і педтэхнікуме, вёў фізіку і матэматыку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны ў бюро Настаўніцкага саюза. Падчас нямецкай і польскай акупацыі ўваходзіў у Бабруйскую беларускую раду. Летам 1918 быў ініцыятарам першых настаўніцкіх курсаў у Бабруйску. У час польскай акупацыі — адзін са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1921 уступіў у ВКП(б). Быў нам., потым загадчыкам Бабруйскай палітасветы. Працаваў разам з Алесем Адамовічам, прымаў удзел у правядзенні беларусізацыі. У верас. 1922 па запрашэнні У. Ігнатоўскага пераехаў у Мінск. Прызначаны загадчыкам Галоўпалітасветы і Галоўпрафасветы пры наркаме асветы БССР. Са студз. 1923 — асістэнт, потым дацэнт кафедры фізікі педагагічнага ф-та БДУ. З мая 1924 — нам. дэкана педагагічнага ф-та, загадчык фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага аддзяленняў. Увосень 1924 арганізаваў таварыства «Прэч непісьменнасць». З 1929 — дэкан фізіка-матэматычнага ф-та. У 1925–36 прафесар БДУ. Першы ў Беларусі пачаў выкладаць фізіку на бел. мове. Быў дэлегатам навуковых з’ездаў у Маскве, Ленінградзе, Берліне. У 1931–36 супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута БелАН. У кастр. 1935 выключаны з ВКП(б) за «прытупленне класавай пільнасці і адрыў ад партыйнага жыцця». З 1936 — прафесар і загадчык кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. Асноўныя працы У. прысвечаны квантавай тэорыі ядра атама, гісторыі і метадалогіі фізікі. Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 97, кв. 12. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.7.1957. Асабовая справа У. № 10764-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
15.11.1937 у Мінску па адрасе: Грушаўскі пас., д. 23 арыштавана касір Аптэкаўпраўлення Белмедінструментаў Успенская Ксенія Міхайлаўна (н. 13.11.1892 у Вільні ў сям’і службоўца), жонка Яўгена Успенскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД БССР асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 (ці 30).9.1943. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана трыбуналам БВА 12.6.1956. Асабовая справа У. № 6686-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
19.11.1937 у Мінску па адрасе: Грушаўскі пас., д. 23 арыштаваны сыны У. — Рыгор (н. 5.5.1919, вучань Мінскай СШ № 4) і Уладзімір (н. 28.7.1916, студэнт фізіка-матэматычнага ф-та БДУ) Успенскія. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД БССР асуджаны як «члены сям’і расстралянага ворага народа» да 5 гадоў ППК і этапаваны (хутчэй за ўсё, разам з маці) у Карагандзінскі канцлагер Казахскай ССР. Уладзімір вызваліўся 19.11.1942. Пра далейшы лёс Рыгора нічога не вядома. У 1956 трыбуналам БВА браты рэабілітаваны. Іх асабовыя справы № 6660-с (Уладзіміра) і № 6662-с (Рыгора) захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; ІКР; Гесь А. Успенскі Яўген Канстанцінавіч // Университет профессорский. Гомель, 2005. С. 327–329; Возвращенные имена; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.