Галоўная » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » БАШКЕВІЧ Вадзім Ігнатавіч
[12(24).3.1904, в. Сёмкаў Гарадок Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н — 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], службовец. З сям’і бел. настаўнікаў. Да 1919 скончыў школу першай ступені і 3 курсы Мінскай гімназіі. У сувязі з заняццем Мінска ў жн. 1919 польскімі легіянерамі вучоба была перапынена. У 1920 працаваў загадчыкам валаснога рэўкама ў мяст. Сенніца каля Мінска. Пасля быў загадчыкам клуба ў в. Новы Двор Самахвалавіцкага пав., інструктарам Мінскага павятовага камітэта, загадчыкам аддзела палітпрасветы і нам. сакратара Мінскага павятовага камітэта камсамола Беларусі. З сак. 1924 — інструктар Барысаўскага акруговага камітэта КСМБ, у ліст. пераведзены на пасаду загадчыка аддзела палітпрасветы Слуцкага акруговага камітэта ЛКСМБ. У 1928 уступіў у ВКП(б). У студз. 1931 прызначаны нам. загадчыка сектара навукі і культуры ЦК КП(б)Б, потым начальнікам Упраўлення вышэйшай школы Наркамасветы БССР. Быў жанаты, гадаваў двое дзяцей. 23.8.1936 пастановай бюро ЦК КП(б)Б адхілены ад работы «за сувязь з нацдэмамі і прамое патуранне контррэвалюцыйным трацкісцкім элементам». Са жн. 1936 беспрацоўны, нягледзячы на тое, што неаднаразова звяртаўся ў партыйныя і савецкія органы з просьбай уладкаваць яго на работу. Арыштаваны ў Мінску ў 1936 па адрасе: вул. Валадарскага, д. 30, кв. 4. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29.10.1937 як «член антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.5.1956. Асабовая справа Б. № 6577-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: БНДЦЭД; Рэпрэсаваныя...
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.